МЮ́НСТЭРСКАЯ КАМУ́НА,
панаванне ў 1534—35 пратэстантаў-анабаптыстаў у г. Мюнстэр (Вестфалія); уздым рэв. падзей у Германіі пасля паражэння Сялянскай вайны 1524—25. Пасля перамогі прыхільнікаў Рэфармацыі ў Мюнстэры (1533) і выгнання адтуль князя-епіскапа ў Мюнстэры сканцэнтраваліся анабаптысты і з інш. гарадоў Вестфаліі і Нідэрландаў. У лют. 1534 яны на чале з Янам Матысам і Іаанам Лейдэнскім атрымалі большасць у магістраце і фактычна захапілі ўладу ў горадзе. Мюнстэр яны абвясцілі «Новым Іерусалімам», г.зн. цэнтрам «Царства боскага», якое, паводле пропаведзі Яна Матыса, павінна быць усталявана на зямлі мячом «праведных». Ва ўмовах аблогі войскамі епіскапа анабаптысты правялі ў горадзе шэраг пераўтварэнняў (падпарадкаванне майстроў-рамеснікаў гар. абшчыне ў справе арганізацыі вытв-сці і выкананні заказаў, канфіскацыя золата, серабра і каштоўных рэчаў на агульную карысць, скасаванне грошай і ўвядзенне натуральнага абмену, улік прадуктаў спажывання, наладжванне агульных трапез і інш.). Пасля гібелі ў баі Яна Матыса (5.4.1534) І.Лейдэнскі распусціў магістрат і стварыў савет «12 апосталаў», а потым устанавіў асабістую дыктатуру тэакратычнага тыпу і быў абвешчаны царом Новага Сіёна (Мюнстэра) і будучым уладыкам усяго свету. Блакіраваная праціўнікам, М.к. пасля працяглай гераічнай абароны пала. Яе ўцалелыя дзеячы, у т.л. Іаан Лейдэнскі, пасля катаванняў пакараны смерцю.
У.Я.Калаткоў.
т. 11, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)